ЗАХО́ДНІЯ А́ЛЬПЫ,

частка горнай сістэмы Альпаў на тэр. Італіі, Францыі і Швейцарыі. Размешчаны на З ад умоўнай лініі, якая злучае азёры Бодэнскае і Кома. Утвараюць выпуклую на ПнЗ дугу даўж. каля 500 км, шыр. да 130 км. Вылучаюць Прыморскія, Коцкія, Грайскія, Савойскія, Бернскія, Пенінскія, Лепанцінскія Альпы, масівы Веркор, Пельву і інш. У З.А. самыя высокія хрыбты і масівы Альпаў і ўсёй Зах. Еўропы, выш. да 4807 м (г. Манблан), шэраг вяршынь вышэй за 4000 м (Монтэ-Роза, Матэргорн, Юнгфрау), дзе пашыраны горналедавіковыя формы рэльефу. Восевая зона ЗА. складзена пераважна з крышт. парод, перыферыйныя хрыбты — з асадкавых парод. Ад Усх. Альпаў адрозніваюцца меншай шырынёй, больш выяўленым дугападобным распасціраннем, стромкасцю схілаў, глыбокай тэктанічнай і рачной расчлянёнасцю, выразнай вышыннай пояснасцю.

т. 7, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)